жывапісная школа Італіі 13 — пач. 16 ст. Існавала ва Умбрыі з цэнтрам у г. Перуджа. У 13 ст. вядома мініяцюрамі, у канцы 14 — пач. 15 ст. стала адной з вядучых у познагатычным мастацтве Італіі (Джэнтыле да Фабрыяна). З 2-й пал. 15 ст. пад уплывам фларэнційскай школы набыла рысы Ранняга Адраджэння (П.Перуджына, Л.Сіньярэлі, Пінтурык’ё, раннія работы Рафаэля). Для У.ш. характэрны тонкі лірызм, плаўнасць і музыкальнасць лінейных рытмаў, адчуванне паэтычнай гармоніі чалавека і прыроды, мяккасць каларыстычных вырашэнняў.
Да арт.Умбрыйская школа. Л.Сіньярэлі. Прышэсце Антыхрыста. Фрэска капэлы сабора Сан-Брыцыо ў Арвіета. 1499—1502.